Успаміны ветэрана пажарнай службы пра барысаўскую «парахавую бочку»

165 гадоў споўнілася з таго часу, як у Мінску была створана першая прафесійная дружына, якая змагалася з пажарамі. Недахопу работы ў іх не было ніколі. Гэты дзень — нагода для таго, каб пагутарыць з ратавальнікам. У паслужным спісе Івана Лапкоўскага — цэлы россып медалёў і спіс грамат. За кожнай узнагародай стаяць выратаваныя ім чалавечыя жыцці...

— Тое, што я стаў пажарным — па сутнасці, справа выпадковая. Пасля дзясятага класа паступіў у фізкультурны тэхнікум у Гродне на спецыяльнасць «лёгкая атлетыка і лыжы». Да таго два гады прафесійна займаўся зімовымі відамі спорту. Як бачыце, ну зусім нічога агульнага з пажарнай справай няма.

Але жыццё, як вядома, заўжды падкідвае непрадказальныя сюрпрызы. Адвучыўся я менш чым год, а 4 мая 1977-га атрымаў павестку ў ваенкамат. Адтэрміноўку тады для навучэнцаў тэхнікумаў не давалі. Медкамісію прайшоў вельмі хутка і напрыканцы мая ўжо на-дзеў салдацкія боты. Нават не далі скончыць курс!

Два гады адслужыў у аўтамабільных войсках. Звольніўся ў сярэдзіне чэрвеня. Адслужыў, а адукацыю трэба атрымліваць. Прыязджаю адразу ў Гродна і даведваюся, што... летняя сесія ўжо здадзена, ведамасці закрыты. Пайшоў да кіраўніцтва — ну як жа так? Мне кажуць — «або давай з восені на першы ж курс, або прыходзь праз год і здавай летнюю сесію».

Губляць яшчэ год не хацелася. І я падаўся да брата, які жыў у Мінску. А ў політэхнічным тэхнікуме на спецыяльнасці «пажарная тэхніка і бяспека» выкладаў чалавек з суседняй вёскі — Уладзімір Давыдоўскі. Неяк мы сустрэліся. Расказаў пра сваю сітуацыю, і мне прапанавалі падаць дакументы на гэтую спецыяльнасць. Так я і трапіў у пажарныя.

А пасля ў БССР пачалася ваенізацыя прафесійнай пажарнай аховы. З 1981 года на новую сістэму перайшлі Салігорск, Маладзечна, Барысаў. Я скончыў вучыцца ў 1982-м. Працаваў у Жодзіне начальнікам прафесійнай пажарнай часці, але пасля вырашыў перавесціся ў Барысаў. Прайшоў медкамісію, і мяне прызначылі на пасаду камандзіра аддзялення, паколькі падчас службы ў войску быў сяржантам. Праз паўгода стаў начальнікам каравула і атрымаў пагоны лейтэнанта. Так і пачалася служба.

Мінула чатыры гады. І ў канцы красавіка 1986-га папаўзлі чуткі пра тое, што пажарным давядзецца ехаць на ліквідацыю наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС...

— Інфармацыя такая хадзіла па ўсіх гарнізонах. У пачатку мая прыехаў начальнік аддзела і сказаў: «Выбар зроблены. Павядзеш атрад на тушэнне тарфянікаў». Тады ж вясна выдалася вельмі сухая і цёплая. Тарфяніку шмат не трэба — нават аскепак шкла можа сфакусаваць сонечныя прамяні так, што ўзнікне ачаг узгарання. Тым больш што тады пластыкавай тары не існавала — усё разлівалася ў шкло.

Сабралі зводную групу ратавальнікаў з Маладзечна, Салігорска і Барысава. У маім падпарадкаванні было ўсяго 19 чалавек. Трох з іх ужо няма на гэтым свеце... Займаў я тады пасаду намесніка начальніка самастойнай ваенізаванай пажарнай часці. Вось так і паехалі выконваць баявую задачу. Ужо пасля да нас прыкамандзіравалі яшчэ два аддзяленні.

Мы дыслакаваліся ў вёсцы Савічы Хойніцкага раёна. Зараз яна ўваходзіць у 30-кіламетровую зону. Жылі мы ў дзіцячым садку. Але ж і вялікая была вёска — двароў на 300 ці нават 400. А апусцела вельмі, вельмі хутка... І вокамгненна ўсё зарасло травой. Хоць старыя выехалі не ўсе. Мы пастаянна праязджалі міма хаты аднаго дзеда, заўжды спыняліся і казалі старому: дзядуля, з'язджай, радыяцыя тут, будзеш хварэць і памрэш. А дзед адказваў адно і тое ж — «Мне ўсё роўна паміраць, нікуды я адсюль не паеду».

На баявыя выезды адпраўляліся штодня. Есці і піць з сабой не бралі з-за высокага радыяцыйнага фону. Напрыклад, індывідуальныя дазіметры пачыналі пішчаць прыкладна праз 80 хвілін знаходжання на паветры...

Не аднойчы пад'язджалі блізка да рэактара. Але ж пра тое і не ведалі зусім. І аднойчы кіроўца мяне падазваў і кажа: рэактар — там. І паказвае пальцам некуды на поўдзень. Я пытаюся — адкуль ведаеш? І раптам там з'явілася воблачка. Кіроўца пасля сказаў, што нават па гадзінніку засякаў — воблачка з'яўлялася кожныя 23 хвіліны.

А што ж у нас было з абарончых сродкаў? Рэспіратары і прарызіненыя касцюмы. Фактычна апынуліся між двух агнёў — з-за спякоты ў такой экіпіроўцы няма чым дыхаць, але і зняць немагчыма, бо наўкол радыеактыўныя часціцы.

Ваду мы гналі помпамі за некалькі кіламетраў, пракладваючы шлангі да ручаёў і меліярацыйных каналаў. Гэта цяпер на ўзбраенні ратавальнікаў стаяць айчынныя дзесяцітонныя цыстэрны, а тады гэта здавалася фантастыкай. «Рабочым канём» у нас быў «ЗіЛ-131», які змяшчаў усяго крыху больш за дзве тоны. А для тарфяніка гэта — што слану драбіна.

Не было нам адпачынку і ўначы — загараліся ў вёсках кінутыя дамы. Таму мы ездзілі некалькі разоў на дапамогу мясцовым падраздзяленням. А аднойчы неяк злавіў сябе на тым, што вакол неяк глухавата. Ніводнай птушкі няма, зусім як у пустцы. Спытаў пасля ў падначаленых — яны пацвердзілі: не тое што спеваў не чуюць, але і птушак не бачылі...

Начальнік упраўлення пажарнай аховы МУС БССР, будучы міністр па надзвычайных сітуацыях Валерый Астапаў нам перыядычна тэлефанаваў, распытваў абстаноўку. І праз 16 дзён нас змянілі чарговыя тры падраздзяленні. Нашу пажарную тэхніку мы так і кінулі ў чарнобыльскай зоне — дэзактываваць яе было немагчыма.

Як толькі мы вярнуліся, то адразу ж пайшлі ў паліклініку МУС праходзіць медыцынскую камісію. У крыві ўрачы знайшлі шмат белых цельцаў. А яшчэ была незвычайная слабасць у арганізме. Калі ходзіш, то як быццам бы і нічога, бадзёры, а як толькі сеў — то правальваешся ў нейкі памежны стан паміж сном і дрымотай. З часам гэта прайшло.

Іван Антонавіч за бездакорную працу ў чарнобыльскай зоне быў узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі. У 1989 годзе стаў начальнікам Барысаўскай ваенізаванай пажарнай часці, а ў 1995-м перавёўся на пасаду кіраўніка пажарнага аварыйна-выратавальнага атрада № 6 у Жодзіне.

— У Жодзіне пад маім кіраўніцтвам было 107 чалавек, а ў Барысаве — 240. Усе былі спартсменамі па пажарна-прыкладным спорце! Мне пашчасціла камандаваць найлепшым гарнізонам у Мінскай вобласці.

Вельмі шмат складаных пажараў тады адбывалася менавіта на Барысаўшчыне. Раён неафіцыйна называлі «парахавой бочкай». Калі я ў 1982-м пачынаў службу начальнікам каравула, то не было часу нават перакусіць нармальна — машыны прыязджалі з аднаго пажару, хуценька запраўляліся і... паступаў званок пра тое, што ўзнік новы пажар. Па дзесяць-дванаццаць узгаранняў даводзілася тушыць за смену! Горад вялікі — ужо тады там было больш за 100 тысяч насельніцтва. Безліч прамысловых зон. Прыватны сектар таксама дадаваў жару — тады ж усе ўласныя дамы былі драўляныя і з пячным ацяпленнем. А прафілактычная інспекцыя налічвала толькі... два чалавекі на ўвесь раён! Ну і яны ахапіць кожны дом былі літаральна не ў стане. Жодзіна ў гэтым плане быў больш спакойны горад. Па-першае, побач з ім няма тарфянікаў. Забудова пераважна не драўляная, а шматпавярховая — лічыце, адна магчымая прычына ўзгарання — печка — у ёй была не актуальная. Ды і людзі неяк больш разважліва ставіліся ў Жодзіне да сваёй бяспекі.

— А якія пажары за барысаўскім часам вам запомніліся болей за ўсё?

— Мы былі пастаяннымі «кліентамі» на дрэваапрацоўчай і фанерна-запалкавай вытворчасці. Там жа як — крыху забудзеш правілы пажарнай бяспекі — і вось ужо недзе ў дымавой шахце пачынае курыцца дымок. Мы так лазілі па трубах у фарбавальных цэхах. Вышыня — метраў 15—18. А яшчэ трэба на такой вышыні злаўчыцца падаць ствол.

А вось у жылым сектары самы памятны пажар здарыўся ў 1987 годзе. У ваенным гарадку Лядзішча мы тушылі нават не кватэру — шматпавярховы дом. Як правіла, шмат дзе ў падвалах абсталяваны пуні. І вось дзеці гулялі там аднойчы з запалкамі. А справа ж адбывалася днём, калі людзей на вуліцах у гарадку — раз-два і ўсё. Мы навобмацак шукалі ручкі дзвярных замкоў. Дайшло да таго, што ў адным месцы ў падвале нават абвалілася бетонная пліта — такая высокая там была тэмпература. Тушылі мы тады гэта ўсё гадзін пяць. Толькі і паспявалі мяняць апараты сціснутага паветра. І шыя пасля абгарэла, і баёўкі...

Пасля Іван Антонавіч атрымае за ліквідацыю гэтага пажара медаль «За адвагу на пажары».

Што ж, служба ў ратавальнікаў нялёгкая. Але ўсведамленне таго, што дзякуючы табе на гэтым свеце працягваюць жыць дзясяткі людзей, пераважвае заўжды. Віншуем з Днём пажарнай службы ўсіх ратавальнікаў! Няхай рукавы вашы будуць сухія...

Источник: zviazda.by

Оставить Комментарий

Чтобы оставить отзыв авторизуйтесь или зарегистрируйтесть

Комментарии

Ничего не найдено.